Главная История История Беларуси Реферат - Беларусь у пачатку другой сусветнай вайны

 

 


Каталог

Реферат - Беларусь у пачатку другой сусветнай вайны

  • Заходняя Беларусь у геапалітычных планах Германіі і Савецкага Саюза. Германа-савецкі дагавор аб ненападзе 23 жніўня 1939 г.. сакрэтныя пратаколы да яго
  • Пачатак Другой сусветнай вайны. Напад фашысцкай Германіі на Польшчу і яе хуткі разгром.
  • Ваенныя дзеянні германских войск на беларускай тэрыторыі. Бежанства.
  • Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
  • Асобныя баявыя аперацыі савецкіх войск супраць польскай арміі. Адносіны беларускага насельніцтва да Чырвонай Арміі, дапамога яго ва ўстанаўленні савецкай улады. Арышты “беларускіх нацыяналістаў”.
  • Савецка-германскі дагавор аб дружбе і граніцах ад 28 верасня 1939 г. Лёс польскіх ваеннапалонных
На пачатак 40-х гг. XX ст. у Еўропе у большасці краін склаліся аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы. Сярод іх выдзяляліся гітлераўскі фашызм і сталінскі таталітарызм. Яны мелі розныя ідэалогіі-фашысцкую і камуністычную, і ў той жа час і для першай  і для другога былі характэрны імкненне да сусветнага панавання, хаця і з супрацьлеглымі мэтамі, варожае стаўленне да дэмакратыі.Ва умовах узрастаючай напружанасці міжнароднага становішча, поўнай палітычнай ізаляцыі і магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германіі заключыць пакт аб ненападзенні. 20 жніўня 1939 г. Гітлер звярнуўся з асабістым пасланнем да І.В.Сталіна прыняць міністра замежных спраў Германіі “для складання і падпісання пакта аб ненападзенні”. Раніцай 23 жніўня ў Маскву прыляцеў Рыбентроп. Перагаворы паміж ім, Сталіным і Молатавым завяршыліся на працягу аднаго дня. 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў. Савецка-германскі дагавор, з аднаго боку, з'явіўся вымушаным крокам, лагічным вынікам развіцця міжнародных адносін у 1938-1939 гг. Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзінага антысавецкага фронту, атрымаў амаль два гады для ўмацавання сваёй абараназдольнасці. 3 другога ж боку, гэты дагавор нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны і савецкі народ, які бачыў у фашызме лютага ворага.Да дагавора быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”, якім размяжоўваліся “сферы інтарэсаў” абодвух бакоў. Германія атрымала Францыю, Брытанію і іх афрыканскія калоніі, СССР – Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Бесарабію і “права” пашырацца на поўдзень у бок Персідскага заліва праз Іран, Афганістан і Турцыю.Згодна з 1-м пунктам пратакола, у выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэнняў у абласцях, якія належалі прыбалтыйскім дзяржавам (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва), паўночная граніца Літвы павінна была стаць мяжой, падзяляючай сферы ўплыву Германіі і СССР. У 2-м пункце пратакола адзначалася: “У абласцях, якія належаць Польскай дзяржаве, сферы ўплыву будуць размежаваны на лініі рэк Нараў, Вісла і Сан”. Гэта значыць, СССР, па сутнасці, атрымліваў акрамя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны частку Польшчы да Варшавы.А. Літвін, аналізуючы дадзены дакумент, адзначаў, што фактычна ў Маскве адбылося амаль тое, што ў Мюнхене год назад. Толькі там лёс Чэхаславакіі пад дыктоўку А. Гітлера вырашалі кіраўнікі Англіі, Францыі. Італіі. Заключэнне пакта з Масквой знімала небяспеку вядзення вайны на два франты да чаго Германія ў 1939 г. не была падрыхтавана. Тым самым дагавор ствараў для А. Гітлера пэўныя ўмовы, якія спрыялі развязанню вайны [4, С. 312]. Сам факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прынятым у абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі права і маралі.Германія лічыла, што пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў ёй рукі на Усходзе, і 1 верасня яна напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб'явілі вайну Германіі. У той жа дзень у вайну ўступілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Індыя. Пачалася другая сусветная вайна [1, С. 220].Нямецкія танкавыя і мотамеханізаваныя дывізіі перайшлі граніцу і ў некалькіх напрамках пачалі хутка рухацца ў глыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне на чале з Рыдз-Сміглым не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну. Гераічныя старонкі ў гісторыю барацьбы польскага народа з нямецка-фашысцкімі войскамі ўпісалі абаронцы Вестэрплятэ, Хеля, Гдыні, Модліна, Варшаны. Аднак сілы былі няроуныя. У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да зямель Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія непасрэдна апынуліся пад пагрозай фашысцкага заняволення. Нямецкае кіраўніцтва, спасылаючыся на дамоўленасць пры падпісанні дагавора ад 23 жніўня 1939 г., падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за вайну і на СССР. Але Сталін, каб стварыць уражанне нейтралітэту, не згаджаўся з гэтым і адцягваў выступленне. Толькі 17 верасня, калі польская армія ў цэлым была разбіта і амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы занята нямецкімі войскамі, і заставаліся толькі асобныя пункты супраціўлення, Савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.У гэты час на заходняй мяжы СССР была сканцэнтравана групоўка войскаў у 600 тыс. чалавек, а таксама 4 тыс. танкаў, 5500 гармат. 2 тыс. самалётаў [4, С. 312]. 17 верасня ўранку злучэнні Чырвонай Арміі пачалі паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У першы дзень былі вызвалены Баранавічы, 18 верасня — Навагрудак, Ліда, Слонім, 19 — Вільня, Пружаны, 20 — Гродна, 21 — Пінск, 22 верасня — Беласток і Брэст. Найбольш жорсткая бітва адбылася ў раёне Гродна.Прасоўванне войск Чырвонай Арміі ішло хутка. Месцамі ім дапамагала насельніцтва, дзейнічалі партызанскія групы. Пераважная большасць польскіх войск здавалася без бою. Толькі асобныя часці аказалі супраціўленне. Некалькі даўжэй працягвалася бітва за Гродна. Упартае супраціўленне тут зрабілі каля 3 тыс. салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. Згодна з афіцыйным паведамленнем Галоўнага камандавання Чырвонай Арміі, у час паходу ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь загінула 737 і паранена 1862 салдаты і афіцэры. Палітычныя ўзаемаадносіны і разлікі былі такімі, што 25 верасня 1939 г. у Брэсце адбыўся парад савецкіх і нямецкіх войск — патэнцыяльных ворагаў.Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі — рабочыя, сяляне, рамеснікі, працоўная інтэлігенцыя сустракалі савецкіх салдат як родных братоў, кветкамі, хлебам-соллю. У гарадах і вёсках узнікалі шматлюдныя мітынгі, на якіх працоўныя горача віталі сваіх вызваліцеляў. У некаторых месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты. Яны арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян, якія раззбройвалі паліцэйскіх, асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб'екты. У ваяводскіх і павятовых цэнтрах былі створаны часовыя ўправы, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты.Часовыя ўправы і сялянскія камітэты з'яўляліся органамі новай улады. У склад сялянскіх камітэтаў выбіраліся прадстаўнікі беднякоў, сераднякоў, парабкаў. Часовыя ўправы, якія ігралі вядучую ролю ў адносінах да сялянскіх камітэтаў, ствараліся на больш шырокай аснове. У іх складзе былі прадстаўнікі рабочых, сялянскіх камітэтаў, гарадской беднаты, інтэлігенцыі. Пэўную ролю ў стварэнні часовых органаў улады адыгралі вызваленыя з турмаў былыя члены КПЗБ. У склад часовых упраў увайшлі таксама прадстаўнікі Чырвонай Арміі.Часовыя ўправы і сялянскія камітэты ажыццявілі рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Абапіраючыся на падтрымку мас, яны ўстанавілі новы рэвалюцыйны парадак. Пры іх ствараліся атрады рабочай гвардыі і сялянскай міліцыі. Не чакаючы заканадаўчых актаў, сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую і царкоўную зямлю сярод беззямельных і малазямельных сялян, якія атрымалі 431 тыс. га зямлі, пераважна ворнай і сенакосу. Ім было перададзена 14 тыс. коней і 33,4 тыс. кароў; выдавалася зерне на пасеў. У выніку было зліквідавана памешчыцкае землеўладанне, значна павялічылася серадняцкая праслойка ў вёсцы [3, С. 255].За час з 23 жніўня 1939 г. і амаль да канца верасня 1939 г. адбылася карэкціроўка палітыка-дзяржаўных інтарэсаў СССР пад уздзеяннем вышэйшага вайсковага камандавання. У адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да германа-савецкага дагавора аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939  г. СССР меў Варшаўска-Люблінскі выступ у зоне інтарэсаў Германіі, а Германія – больш выгадны з ваеннага пункту гледжання Літоўскі выступ, які абапіраўся непасрэдна на тэрыторыю Германіі (Усходняя Прусія) і на Балтыйская мора. Ён ствараў  непасрэдную пагрозу Заходняй і Цэнтральнай Беларусі з Мінскам, а таксама Ленінграду.Улічваючы гэта, 28 верасня 1939 г. кіраўніцтва СССР заключыла з Германіяй дагавор аб дружбе і граніцы паміж гэтымі дзяржавамі. Да яго быў прыкладзены сакрэтны дадатковы пратакол за подпісамі I. Рыбентропа і В.Молатава. У ім, у прыватнасці, адзначалася:«Секретный дополнительный протокол, подписанный 23 августа 1939 года. должен быть исправлен в пункте 1, отражая тот факт, что территория Литовского государства отошла в сферу влияния СССР, в то время, когда. с другой стороны. Люблинское воеводство и часть Варшавского воеводства отошли в сферу влияния Германии. Как только Правительство СССР примет специальные меры на Литовской территории для защиты своих интересов, настоящая Германо-Литовская граница, с целью установления естественного и простого пограничного описания, должна быть исправлена таким образом, чтобы Литовская территория, расположенная к юго-западу от линии обозначенной на приложенной карте отошла к Германии [4, С. 314].Тэрытарыяльная карэкціроўка паміж Германіяй і СССР прадаўжалася да 22 чэрвеня 1941 г. Так, 10 студзеня 1941 г. у Маскве В. Молатаў і граф фон Шуленбург падпісалі чарговы сакрэтны пратакол. Паводле яго, Германія адмаўлялася «от своих притязаний на полосу литовской территории, упомянутой в Секретном дополнительном Протоколе от 28 сентября 1939 года, обозначенной на карте, приложенной к этому Протоколу». У дакуменце ўказвалася, што «Правительство Союза Советских Социалистических Республик готово компенсировать Правительству Германской Империи территорию, упомянутую в статье 1 данного Протокола, выплатой Германии 7500000 золотых долларов или 31 500 тысяч марок» [4, С. 314].Як бачна, савецкае кіраўніцтва ў вызначэнні межаў рэспублікі зыходзіла з класавых, геапалітычных інтарэсаў Савецкага Саюза, ігнаруючы пры гэтым нацыянальныя інтарэсы, у прыватнасці беларускага і літоўскага народаў. Многія лёсавызначальныя рашэнні прымаліся не ў адпаведнасці з памкненнямі народаў, іх сапраўднымі інтарэсамі і імі самімі, а згодна са стратэгічнымі і тактычнымі інтарэсамі партыйна-дзяржаўнай наменклатуры і гэтай наменклатурай ад імя ўсяго народа.Прыкладам з'яўляецца вырашэннс праблемы ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР. У гэтых частках Беларусі існаваў розны грамадскі і дзяржаўны лад, і таму патрэбен быў асабліва ўважлівы, разумны падыход да працэсу аб'яднання. Яно непавінна было быць навязаным. неабходна было ўлічваць інтарэсы розных сацыяльных слаёў грамадства. Будучыня Заходняй Беларусі павінна была вызначацца яе насельніцтвам. Гэту місію ўзяло на сябе Палітбюро ЦК УКП(б). 1 кастрычніка 1939 г. яно прыняло пастанову «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», якою прадугледжвалася ўтварэнне Народнага сходу з дэпутатаў, выбраных у абласцях Заходняй Беларусі (былых Навагрудскім, Віленскім, Беластоцкім і Палескім ваяводствах). Народны сход павінен быў зацвердзіць перадачу памешчыцкіх земляў сялянскім камітэтам; вырашыць пытанні аб характары ствараемай  улады (савецкая ці буржуазная). аб уваходжанні ў склад СССР, г. зн. у склад БССР, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці [4, С. 315].28—30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён аднагалосна прыняў па дакладу С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Аднадушна дэлегаты выказаліся і за ўваходжанне ў БССР. 2 лістапада 1939 г. Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс, насельніцтва рэспублікі – з 5 млн 562 тыс. чалавек да 10 млн 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана 5 абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая) [1, С. 220].Уз'яднанне Заходняй Беларусі і БССР нават пры негатыўным механізме яго ажыццяўлення ўсё ж мела станоўчае значэнне ў справе кансалідацыі беларускай нацыі, развіцця яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Большая частка беларускай этнічнай тэрыторыі ўваходзіла ў склад аднаго дзяржаўнага ўтварэння – СССР.У той жа час саюзнае кіраўніцтва, як і раней, зыходзіла са сваіх геапалітычных інтарэсаў. Менавіта гэтым тлумачыцца той факт, што 10 кастрычніка 1939 г. СССР і Літва ў Маскве падпісалі Дагавор аб перадачы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой. У ім адзначалася, што «ў мэтах замацавання дружбы паміж СССР і Літвой горад Вільня і Віленская вобласць і перадаюцца Савецкім Саюзам Літоўскай Рэспубліцы з уключэннем іх у састаў дзяржаўнай тэрыторыі і ўстанаўленнем граніц паміж СССР і Літоўскай Рэспублікай згодна з прыкладзенай картай». Дзеля «дружбы» кіраўніцтва Саюза ССР перадала беларускую этнічную тэрыторыю, духоўны цэнтр беларусаў Літве.Проста так бальшавікі ніколі нікому нічога, нават і не свайго, не выдавалі. У дадзеным выпадку беларуская тэрыторыя паслужыла прадметам абмену на пропуск савецкіх войскаў праз літоўскую тэрыторыю, на права трымаць у Літве абмежаваны кантынгент савецкіх наземных і паветраных сіл. Гэта рашэнне было прынята бакамі без ведама беларускага народа і без яго згоды, а таму, зыходзячы з міжнароднага права, з'яўлялася для Беларусі несапраўдным. Вышэйшае кіраўніцтва БССР, уключаючы першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнку, было пераканана, што Вільня з Краем адыдзе да Беларусі. Менавіта ў Вільні часовая савецкая цывільная ўлада пачала падрыхтоўку да правядзення Народнага сходу Заходняй Беларусі.24 верасня 1939 г. у актавай зале беларускай гімназіі ў Вільні адбыўся сход прадстаўнікоў беларускай грамадскасці з удзелам прадстаўнікоў вышэйшай савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Яго ўдзельнікі хацелі верыць, што ў свабоднай Савецкай Беларусі будуць створаны ўсе ўмовы для развіцця беларускай асветы і культуры. А. Луцкевіч, адзін з лідэраў нацыянальна-дэмакратычнага руху, быў перакананы, што “цяжар панскага прыгнечання і нацыянальнага ўціску скінуты назаўседы. Беларусь зноў стала адзінай». Выступаючы на сходзе, ён казаў: “Ніякія граніцы не будуць падзяляць адзіную беларускую зямлю  Утварэнне адзінай вольнай Савецкай Беларусі адчыніла для беларускай культуры шлях для хуткага развіцця наперад. Ніколі ўжо працоўнаму беларусу не будуць пагражаць астрогам і нялюдскім здзекам». I. Клімаў, адзін з кіраўнікоў цывільнай савецкай адміністрацыі ў Заходняй Беларусі, заклікаў удзельнікаў сходу да супрацоўніцтва з новай уладай і запэўніваў, што Вільня будзе далучана да БССР.Аднак у канцы верасня 1939 г. становішча рэзка змянілася. Савецкая адміністрацыя ў Заходняй Беларусі атрымала загад аб далучэнні Вільні да Літвы. Адразу ж пракацілася хваля арыштаў лідэраў і актывістаў беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы. Спачатку схапілі Антона Луцкевіча, затым былога сенатара польскага сейма Вячаслава Багдановіча, Антона Трэпку, Антаніну і Віктара Астроўскіх жонку і сына Радаслава Астроўскага, Уладзіміра Самойлу, Янку Пазняка, Макара Касцевіча, Вінцука Грышкевіча, Сяргея Бусла, Антона Леканта, Рамана Радзюка і многіх інш. [4, С. 317].Кіраўніцтва Рады БНР адмоўна аднеслася да гэтай весткі. 12 кастрычніка 1939 г. яе старшыня В. Захарка накіраваў пратэст прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі. В. Захарка выступаў супраць паўторнага дагавора Літоўскай Рэспублікі з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці: “Беларускі народ і на гэты раз ня можа пагадзіцца з тым, каб яго ўласнасьцяй, і эта знача яго гарадамі і яго землямі, гандлявалі захватчыкі Беларусі безь яго ўдзелу і безь яго дазволу” [4, С. 317].Паралельна з «вырашэннем» тэрытарыяльнай праблемы савецкая ўлада праводзіла на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі цэлы шэраг палітыка-арганізацыйных мерапрыемстваў. У кожным раёне паўсталі ваенныя гарнізоны. Мясцовае насельніцтва шырока прыцягвалася да будаўніцтва аб'ектаў стратэгічнага значэння. Паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю па-ранейшаму захоўвалася дэмаркацыйная мяжа з высокім плотам, калючым дротам, пагранічнікамі, куляметнымі вышкамі і спецыяльнымі прапускамі.На працу ў заходнія раёны Беларусі былі накіраваны тысячы партыйных, савецкіх, камсамольскіх, прафсаюзных работнікаў, спецыялістаў народнай гаспадаркі. Яны ўзначалілі мясцовыя органы ўлады і кіравання, хоць і не ведалі мясцовай спецыфікі, і адразу ж пачалі барацьбу з«ворагамі» савецкай улады – асаднікамі, жаўнерамі, паліцэйскімі, дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. На працягу 21 месяца прайшло сем хваль масавых арыштаў, кожная з якіх ахоплівала ад некалькіх тысяч да соцень тысяч чалавек. Да лета 1941 г. у турмах і лагерах апынулася каля 1 млн. 250 тыс. чалавек (разам з ваеннапалоннымі).У цэлым рэпрэсіям было падвергнута прыкладна 10 % насельніцтва Заходняй Беларусі. 50 % рэпрэсіраваных былі палякамі, 20 % – беларусамі, 30% – яўрэямі.3 адыходам у чэрвені 1941 г. Чырвонай Арміі пачаліся масавыя расстрэлы ва ўсіх турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (было расстраляна каля 100 тыс. чалавек).Барацьба з «ворагамі» савецкай улады (так званая «зачыстка тэрыторыі») спалучалася з масавымі перасяленнямі. 16 лістапада 1939 г. СССР і Германія заключылі дагавор аб перасяленні ў Германію жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны нямецкага паходжання, а ў СССР –асоб беларускай і ўкраінскай нацыянальнасцей з тэрыторыі Польшчы, занятай Трэцім рэйхам. Ажыццяўлялі гэты дагавор з снежня 1939 г. па красавік 1941 г. сумесна НКУС і гестапа. Толькі са снежня 1939 г. па студзень 1940 г. у бок Германіі праз Брэст прайшлі 5335 немцаў, 108 палякаў, 10 украінцаў, 8 рускіх, 1 чэх. У Беларусь прайшло 10420 ваеннапалонных радавога і малодшага каманднага складу былой польскай арміі, большасць з якіх былі ўраджэнцамі мясцовых зямель. Са снежня 1939 г. па красавік 1941 г. на нямецкі бок перайшло 164 тыс. чалавек.А тым часам міжнароднае становішча працягвала ўскладняцца. Фашысцкая Германія, абараніўшы сябе дагаворам з СССР з Усходу, умацоўвала пазіцыі на Захадзе. Вясной 1940 г. яна захапіла Бельгію, Данію, Галандыю, Нарвегію, а летам пачала наступленне на Францыю і прымусіла яе капітуляваць, паставіла Англію на край нацыянальнай катастрофы, вяла паспяховыя баявыя дзеянні ў Афрыцы.3 лета 1940 г. германскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва пачало падрыхтоўку да вайны супраць СССР. 22 чэрвеня 1940 г., у дзень падпісання акта аб капітуляцыі Францыі, Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план “Барбароса” – маланкавай вайны і разгрому за 3-4 месяцы Савецкага Саюза – быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты план “Ост” – разгорнутая праграма знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія вераломна, без аб'яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік была падвергнута ўдарам ворага. Пачалася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў за свабоду сваёй Радзімы.Германія марыла авалодаць нацыянальнымі багаццямі народаў СССР і выкарыстаць іх у сваіх інтарэсах. Яна ставіла сваёй задачай фізічна знішчыць частку славянства – насельніцтва “ніжэйшай” расы, астатніх славян анямечыць і ператварыць у сваіх рабоў. У адпаведнасці з планам “Ост” 75 % насельніцтва Беларусі меркавалася знішчыць ці выселіць за Урал, 25 % анямечыць і заставіць працаваць на немцаў-каланістаў. У Мінску, напрыклад, планавалася аставіць 100 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва і пасяліць 50 тыс. нямецкіх каланістаў, у Гомелі – адпаведна 50 і 30 тыс, Магілёве і Бабруйску – па 50 і 20 тыс, у Барысаве, Лідзе і Навагрудку – па 15 тыс мясцовага насельніцтва і 5 тыс нямецкіх каланістаў і г.д.На тэрыторыі Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак вермахта – група армій “Цэнтр”, меўшая сваёй канчатковай мэтай захоп Масквы. Падтрымліваў яе 2-і паветраны флот, які налічваў 1680 самалётаў (50 % сіл усёй авіяцыі рэйха).У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя нанесла ўдары па ваенных аб'ектах у заходняй прыгранічнай паласе на глыбіню да 400 км. Дыверсійныя групы палка “Брандэнбург”, скінутыя на парашутах у момант нападзення, павінны былі вывесці са строю сувязь і ўпраўленне войскамі. Адразу ж была знішчана большая частка савецкіх бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, якія базіраваліся на аэрадромах прыгранічных ваенных акругоў. Масавым бамбардзіроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Беласток, Брэст, Гродна, Баранавічы і інш. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі, нягледзячы на гераічнае супраціўленне часцей Чырвонай Арміі, была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.Важнае значэнне надавалася эвакуацыі ў глыбокі савецкі тыл мірнага насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. У першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. У чэрвені-жніўні было вывезена 16 435 дзяцей са 191 дзіцячай установы. У тыл адпраўляліся прамысловае абсталяванне, энергетычныя ўстаноўкі, рухомы чыгуначны састаў, сыравінныя рэсурсы, маёмасць многіх устаноў, грашовы фонд. Былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. 3 велізарнымі цяжкасцямі, часта пад абстрэлам, пры варожых атаках удалося перабазіраваць Віцебскі, Гомельскі, Магілёўскі станкабудаўнічыя заводы, Аршанскі льнокамбінат і іншыя прадпрыемствы. Усяго на ўсход краіны было вывезена абсталяванне 224 буйных прадпрыемстваў. Да вясны 1942 г. усе перабазіраваныя на ўсход прадпрыемствы Беларусі ўвайшлі ў строй і пачалі выпускаць прадукцыю для фронту. Спіс выкарыстанай літаратуры1.    Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. XIX-XX стагоддзі: Курс лекцый / П.І, Брагадзін, У.Ф. Ладысеў, П.І, Зялінскі і інш. – Мн.: РІВШ БДУ, 2002. – 656 с.2.    Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 Люты 1917-1997 г.: Вучэбны дапаможнік / Пад. рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн.: Універсітэцкае, 1998. – 464 с.3.    Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышінскі і інш. – Мн.: Беларусь, 1995. – 560 с.4.    Саракавік І.А. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі / І.А. Саракавік. – Мн.: Современная школа, 2006. – 456 с.

Схожие работы