Главная Каталог работ История История Беларуси Реферат - Княжанне Вітаўта ў Вялікім княстве Літоўскім

 

 


Каталог

Реферат - Княжанне Вітаўта ў Вялікім княстве Літоўскім

Княжанне Вітаўта ў Вялікім княстве ЛітоўскімУзiмку 1389/90 г. незадаволены становiшчам служылага князя Вiтаўт скарыстаў апазiцыйнасць баяраў Лiтвы i Русi ды паўстаў супраць Ягайлавай улады. Пасля няўдалай спробы захапiць Вiльню ён уцек да прускiх рыцараў. Каб атрымаць ваенную дапамогу, Вiтаўт стаў васалам Ордэна i аддаў яму Жамойць. Чакалася падтрымка i ад маскоўскага князя Васiля I (1389—1425), за якога Вiтаўт аддаў сваю дачку Соф’ю. Ужо ў вераснi 1390 г. Вiтаўт прывёў крыжаносцаў на Вiльню, а праз год авалодаў Горадняй, яшчэ праз год захапiў Наваградак, Мерач, зноў пагражаў Вiльнi. Вайна паказала, што без кампрамiсу Ягайла не ўтрымае ўлады над землямi Лiтвы i Русi. На Беларусi ды Ўкраiне ён сутыкнуўся з адкрытай непрыхiльнасцю насельнiцтва. Тады Ягайла правёў таемныя перамовы з Вiтаўтам, у вынiку якiх увесну 1392 г. той зноў пакiнуў крыжаносцаў, папярэдне спалiўшы iх замкi пад Горадняй. 4 жнiўня ў Востраве, што на Гарадзеншчыне (недалёка ад Лiды), было падпiсана пагадненне, на падставе якога ўлада ў Вялiкiм Княстве пажыццёва перадавалася Вiтаўту. Як адзначыў мясцовы летапiсец, укняжанню Вiтаўта «рада была ўся зямля Лiтоўская i Руская». Так пад вярхоўным суверэнiтэтам Ягайлы непасрэдным уладаром дзяржавы стаў Вiтаўт Кейстутавiч, якi тытулаваўся «supremus dux Lithuaniae» — «вялiкiм князем лiтоўскiм», або «вялiкiм князем Лiтвы ды панам i дзедзiчам зямель Русi». Хоць пасля прысягi на вернасць Ягайлу i Ядзвiзе ён i знаходзiўся ў васальнай залежнасцi ад Польскага каралеўства, пагадненне 1392 г. у параўнаннi з Крэўскiм актам давала дзяржаве пэўную самастойнасць. Яно стала першым юрыдычна–прававым крокам на шляху да аднаўлення дзяржаўнага суверэнiтэту Вялiкага Княства Лiтоўскага. Атрымаўшы вялiкакняскую ўладу, Вiтаўт заняўся ўмацаваннем дзяржавы знутры i выкараненнем сепаратызму, бо за час яго барацьбы з Ягайлам многiя землi паспелi аддзялiцца. У 1393 г. узнялi бунты смаленскi князь Глеб Святаславiч, ноўгарад–северскi Карыбут, падольскi Хведар Карыятавiч, а таксама Ўладзiмiр Альгердавiч кiеўскi i яго брат Свiдрыгайла, што па мацi меў удзел у Вiцебску. Вiтаўту давялося сiлай падпарадкоўваць некаторыя гарады i вобласцi на Беларусi i Ўкраiне. Друцкiя князi Дзмiтры Васiлевiч i Дзмiтры Сямёнавiч ды Смаленск добраахвотна абавязалiся службай Вiтаўту, пасля чаго друцкiя князi сталi яго намеснiкамi ў сваёй вотчыне, а Смаленск атрымаў Глеб Святаславiч, заменены пазней Вiтаўтавым намеснiкам. У адрозненне ад iх Орша паддалася толькi пасля двух дзён абароны. У вынiку горад быў зведзены да статуса гаспадарскага. Баранiўся i Вiцебск, дзе пасля смерцi сваёй мацi княгiнi Ўлляны засеў Свiдрыгайла, забiўшы там Ягайлавага намеснiка Хведара Вясну. Тады Вiтаўт сiлай захапiў горад, паланiў Свiдрыгайлу i адаслаў у Польшчу. Але неўзабаве вялiкаму князю зноў давялося весцi войска на Вiцебск: у 1396 г. Свiдрыгайла ўцёк да iнфлянцкiх рыцараў i адтуль вярнуўся ў Вiцебск. Вiтаўт цэлы месяц трымаў горад у аблозе, калi ж авалодаў — наладзiў расправу, а Свiдрыгайлу ў кайданах адправiў у Польшчу да Ягайлы. Лiквiдуючы або замяняючы князёў найбольш аўтаномных удзелаў (Кiева, Уладзiмiра–Валынскага, Ноўгарада–Северскага, Падолля i iнш.), Вiтаўт зрабiў важны крок да палiтычнай цэнтралiзацыi дзяржавы, да ўмацавання сваёй улады. Ён садзiў сваiх намеснiкаў або зводзiў да статуса намеснiкаў спадчынных уладальнiкаў вялiкiх удзелаў, i цяпер яны залежалi ад яго намнога больш, чым князi. Ужо ў 1390-х г. нiводзiн з вялiкiх удзелаў не меў князя сваёй мясцовай дынастыi. Хоць адасобленасць земляў, iх унутраная аўтаномiя захоўвалiся яшчэ не адно стагоддзе, спадчынна–прававых падставаў для выступленняў супраць цэнтральнай улады не было. Адчуўшы трываласць свайго становiшча, Вiтаўт у 1398 г. выкарыстаў незадаволенасць крэўскiм актам з боку баяраў i князёў ды пайшоў на абвастрэнне дачыненняў з Польскім каралеўствам. Непасрэднай падставай для гэтага стаў лiст каралевы Ядзвiгi, у якiм тая запатрабавала ад вялiкага князя данiны з земляў Лiтвы i Русi, падараваных ёй Ягайлам у якасцi вена (на землях Беларусi, у прыватнасцi, каралева атрымала ўладаннi на Вiцебшчыне i ў Падняпроўi). Абураны Вiтаўт склiкаў княска–баярскую нараду на востраве Салiн, што на Нёмане. Князi i баяры з Лiтвы i беларуска–ўкраiнскiх зямель Русi (з Беларусi, напрыклад, князь Iван з Друцка, Ямонт Тулунтавiч з Клецка ды iнш.) падтрымалi свайго вялікага князя. Яны заявiлi, што «заўсёды былi свабодныя, як i iх продкi, i нiколi не плацiлi нiякай данiны Польшчы», ды абвясцiлi Вiтаўта сваiм «каралём». Тады ж Вiтаўт дасягнуў таемнага пагаднення з Нямецкiм ордэнам, замацаванага подпiсамi прысутных на востраве. Да канфлiкту з Польшчай не дайшло бадай толькi з прычыны драматычных падзей на Ворскле, якiя пабурылi далёкасяжныя планы вiленскага манарха. Згодна з летапiсамi, Вiтаўт рыхтаваў вялiкi паход супраць татарскай арды. Прыняўшы разбiтага Цiмурам хана Тахтамыша i пасялiўшы яго ў Лiдскiм замку, вялiкi князь хацеў вярнуць яму Сарай, каб потым мець ад хана падтрымку ў сваёй усходняй палiтыцы. Падтрымаўшы паход на Арду, у 1399 г. вайну супраць татараў абвясцiў рымскi папа Банiфацый IХ. Разам з войскам Вiтаўта, якое складалася з ратнiкаў беларускiх, лiтоўскiх i ўкраiнскiх земляў, а таксама коннiцы Тахтамыша, на поўдзень рушыла дапамога з Польшчы i Прускага ордэна. Аднак 12 жнiўня ў бiтве каля ракі Ворсклы татары хана Цiмур–Кутлука i Эдыгея дазвання разграмiлi сiлы Вiтаўта, а сам ён уцёк з невялiкай дружынай. Адных князёў загiнулi дзесяткi, у тым лiку Альгердавы сыны героі Кулікоўскай бітвы Андрэй Полацкi i Дзмiтры Бранскі. Трагедыя на Ворскле падарвала сiлы Вялiкага Княства, аслабiла пазіцыі Вiтаўта. Затое яна была надзвычай выгадная для Масквы, бо адвяла пагрозу з боку як Лiтвы, так i Арды. Вiтаўт мусiў пайсцi на ўмацаванне саюзу з Ягайлам. У студзенi 1401 г. у Вiльнi былi падпiсаны акты новай унii з Польскім каралеўствам, вядомай як віленска–радамская. Яна прызнавала палітычную асобнасць Вялiкага Княства Лiтоўскага, улада ў якiм пажыццёва належала Вiтаўту, а пасля яго смерцi землi i ўлада ў дзяржаве мелi перайсцi да Ягайлы цi ягоных пераемнiкаў. Калi б бяздзетным памёр Ягайла, польскiя паны павiнны былi б узгаднiць кандыдатуру новага караля з Вiтаўтам. Акты вiленска–радамскай унii падпiсалi «прэлаты, бароны, шляхцiчы i зямяне зямель лiтоўскiх i рускiх». Гэта першы вядомы выпадак, калi пытанне дзяржаўнай унii вырашалася пры ўдзеле грамадскай элiты нелiтоўскiх зямель як актыўнай палiтычнай сiлы. Выкарыстоўваючы замацаваны дынастычным шлюбам саюз з Масквою, Вiтаўт працягваў пашыраць свой уплыў на ўсходнiя славянскiя землi, дзе пасля Ворсклы яго пазiцыi пахiснулiся. Вялiкi князь маскоўскi Васiль Дзмiтрыевiч быў яго зяцем i не выступаў супраць Вiтаўтавай палiтыкi на ўсходзе. Яшчэ ў 1395 г., калi ад Вялiкага Княства адпаў Смаленск, Вiтаўт прывёў войска i сiлай падпарадкаваў горад, выгнаўшы мясцовага Рурыкавiча i пасадзiўшы там намеснiкаў Васiля Барэйкавiча i Ямонта. Дарэмна смаленскi князь спрабаваў вярнуць свой стол пры дапамозе разанцаў — Масква падтрымлiвала Вiтаўта. Такой жа прыхiльнай пазiцыi ў дачыненнi да ўсходняй палiтыкi Вiльнi маскоўскi князь трымаўся i пазней. Канчаткова Смаленск быў уключаны Вiтаўтам у склад Вялiкага Княства ў 1404 г., пасля таго, як годам раней яму ўдалося падпарадкаваць Вязьму. Смаленск здалi баяры, калi князь Юры Святаславiч паехаў прасiць дапамогi ў Маскве. Праз год, калi абаранiць iх ад Вiтаўта папрасiлi пскавiчы i ноўгарадцы, маскоўскi князь Васiль Дзмiтрыевiч разарваў мiрнае пагадненне з Вiльняй i тры гады прайшлi ў стане вайны. Аднак абышлося без буйных сутычак, i ў 1408 г. маскоўскi манарх зноў падпiсаў з Вiтаўтам замiрэнне. Пасля ўрэгулявання дачыненняў з Маскоўскай дзяржавай, Ноўгарадам i Псковам стала магчымым пачаць барацьбу з Тэўтонскiм ордэнам. Калi ў 1409 г. насельнiцтва Жамойцi, якое цярпела ад нямецкіх рыцараў, у чарговы раз узняло паўстанне, Вiтаўт падтрымаў яго. Польшча ўступiлася за Вiтаўта i ультыматыўна запатрабавала ад Ордэна спынiць ваенныя дзеяннi. У адказ на гэта вялiкi магiстр Ульрых фон Юнгiнген (1407—1410) абвясцiў вайну i захапiў польскую зямлю Добжынь. Нядоўгае замiрэнне, у часе якога чэшскi кароль Вацлаў IV (1378—1419) выступаў у ролi суддзi, працiўнiкi выкарысталi для актыўнай мабiлiзацыi сiлаў. Калі заходнiя манархi сталi на бок Ордэна, Ягайла і Вітаўт канчаткова зарыентаваліся на сілавое рашэнне пытання. Распрацаваўшы план супольнай вайны, яны на пачатку лiпеня 1410 г. прывялi свае злучаныя сiлы на тэрыторыю Прусii для генеральнай бiтвы з Прускім ордэнам. У Вiтаўта было больш за 40 харугваў з земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага, у тым лiку 28 з беларускiх — берасцейская, ваўкавыская, вiцебская, гарадзенская, пiнская, полацкая, наваградская, смаленская ды iншыя, а таксама аддзелы татарскай коннiцы. Разам армiя Вiтаўта, якая больш чым на дзве траціны складалася з русiнаў i мела галоўным штандарам харугву з дзяржаўным гербам Пагоняй, налiчвала блiзу 10—12 тыс. вершнiкаў. У Ягайлы ў 51 харугве было прыкладна 12 — 14 тыс. коннiкаў. На дапамогу палякам прыйшлi найманыя жаўнеры з Чэхii на чале з Янам Жыжкам. Сiлы ж тэўтонаў сягалi прыкладна 16 тыс. Бiтва адбылася 15 лiпеня каля прускiх вёсак Танэнберг ды Грунвальд (у беларускiх летапiсах — каля Дуброўны). «Пры нацiску аддзелаў ад пераломваных дзiдаў i ўзаемных удараў зброi сыходзiў такi вялiкi грукат i гук, такi далёкасяжны быў ляскат мечаў, быццам звалiлася якая агромнiстая скала, так што чулi яго нават тыя, хто быў аддалены на некалькi мiляў», — пiсаў пра сечу польскi хранiст Ян Длугаш. Бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як адна з найбуйнейшых у сярэднявечнай Еўропе, скончылася поўным разгромам ордэнскага войска. Вялiкае значэнне для перамогi меў тактычны манеўр Вiтаўта — запланаванае адступленне яго харугваў, якое дазволiла расстроiць баявы парадак рыцараў. З поля сечы саюзнiкi рушылi далей у Прусiю. Над Ордэнам навiсла смяротная небяспека. Прускiя замкi i гарады здавалiся без супрацiву, дваранства i бiскупы прысягалi пераможцам. Аднак сталiца Ордэна Мальбарк упарта абаранялася, i два месяцы аблогi не прынеслi нiякай карысцi. Неўзабаве Вiтаўт пакiнуў Мальбарк i павёў войска на Горадню, а за iм мусiў вяртацца i Ягайла. Мірны дагавор, падпісаны ў 1411 г. у Торуні, зафіксаваў кампраміс паміж Ордэнам і саюзнікамі: у межах ордэнскай дзяржавы заставаліся польскія Кульмская зямля і Памор’е, а Жамойць і Судавы вярталіся Вітаўту толькі на час яго жыцця (канчаткова Жамойць увайшла ў склад Вялiкага Княства па ўмовах мельненскага мiру 1422 г.). Гэтыя ўмовы не маглі задавальняць трыумфатараў Грунвальду. Тэўтонскі ордэн, займеўшы падтрымку Жыгімонта Люксембургскага — з 1410 г. нямецкага кайзера, а потым і імператара Святой Рымскай імперыі, — таксама спадзяваўся ў далейшым дамагчыся сатысфакцыі. Таму барацьба паміж блокам пераможцаў і Ордэнам працягвалася. Канфлікт не змаглі вырашыць мірным шляхам на Канстанцкім саборы ў 1418 г. Усведамленне непазбежнасцi новай вайны падштурхнула Ягайлу i Вiтаўта да больш цеснага аб’яднання сiлаў, да ўмацавання iх дзяржаўнага саюзу, дзякуючы якому i ўдалося разграмiць асноўны патэнцыял галоўнага ворага пад Танэнбергам. Акт новай унii быў прыняты ў кастрычнiку 1413 г. на з’ездзе польскiх i лiтоўскiх паноў i баяр у Горадлi над Бугам. Ён прызнаваў, што як дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае захавае сваю асобнасць i пасля смерцi Вiтаўта. Лiтоўскiя баяры абавязвалiся не выбiраць нiкога вялiкiм князем без згоды Ягайлы, а польскiя — не выбiраць новага караля без узгаднення з вялiкiм князем лiтоўскiм. Лiтоўскае баярства атрымала прывiлей, якi гарантаваў яму права распараджацца сваёй зямлёй, атрыманай ад бацькоў, i публічныя свабоды. У мэтах зблiжэння з Польшчай заможныя баярскія роды Лiтвы былi дапушчаны (адаптаваны) да польскiх шляхецкiх гербаў. Паводле прыкладу Кароны Польскай, у дзяржаве ўтваралiся ваяводствы i каштэлянii. У створаныя Вiленскае i Троцкае ваяводствы ўвайшлi Падляшша, Палессе, Панямонне, Цэнтральная Беларусь i некаторыя землi Падняпроўя. З гэтага часу ў фармаваннi адмiнiстрацыйнай структуры Вялiкага Княства Лiтоўскага эвалюцыя старых формаў спалучалася з рэцэпцыяй польскiх узораў. Абвешчаныя ў Горадлi правы i свабоды не тычылiся большасцi падданых Вялiкага Княства, бо распаўсюджваліся толькі на ядро гэтай дзяржавы — згаданыя ваяводствы, а іншыя землі захоўвалі шырокую аўтаномію. Артыкул 9 гарадзельскага акта адзначаў, што да новаўтвораных урадаў i дзяржаўнай рады дапускаюцца «толькi каталiцкай веры прыхiльнiкi i падуладныя святой Рымскай царквы», а ў артыкуле 12 гаварылася, што i дараваныя свабоды ды прывiлеi належаць толькi «рымскай царквы падуладным». Такiм чынам, гарадзельскi акт умацоўваў хрысцiянства лацiнскага абраду як упрывiлеяваную рэлiгiю дзяржавы. Як i ў 1387 г., лiтоўскае баярства зноў атрымала выгады дзякуючы злучэнню з Польшчай i павiнна было стаць апорай унii. Гарантаваныя прывiлеем палiтычна–прававыя перавагi літоўскай эліты забяспечвалi яму манаполiю на ўладу ў дзяржаве. Праваслаўныя князi i баяры Вялiкага Княства, якiя прадстаўлялi iнтарэсы насельнiцтва Русi, у гарадзельскiм з’ездзе наогул не ўдзельнiчалi. На землi–вобласцi Беларусi (Полацкую, Вiцебскую, Смаленскую) прынятыя акты не распаўсюджвалiся, i палiтычныя правы праваслаўных князёў i баяраў тут не аспрэчвалiся. Аднак яны страчвалi магчымасць усялякага ўплыву на дзяржаўную ўладу ў цэлым. Беларусы (русiны) паводле паходжання i рэлiгii складалi асноўную частку жыхарства i ў раёнах Русi Лiтоўскай (Цэнтральная i Заходняя Беларусь), што ўвайшла ў Вiленскае i Троцкае ваяводствы. Недалучэнне праваслаўных да прывiлеяў, гарантаваных каталiкам, было сур’ёзнай дыскрымiнацыяй першых. Гэта выклiкала разлад, падрывала грамадскi мiр, што быў асновай iснавання вялiкай полiэтнiчнай i полiканфесiйнай дзяржавы. Балта–славянскi грамадскi саюз раскалоўся на Русь i Лiтву. Занядбанне iнтарэсаў унутранай кансалiдацыi дзяржавы i дыскрымiнацыя праваслаўнай Русi былі вялiкай памылкай Вiтаўта. У гады яго княжання гэтая небяспека яшчэ не была такой вiдавочнай. Здолеўшы забяспечыць палiтычную перавагу лiтоўцаў, якiя з’яўлялiся меншасцю (баярам Вiтаўта шчодра раздавалiся вялiзныя зямельныя абшары на Беларусi, дзе такiм чынам стваралiся першыя латыфундыi), жорсткi манарх у гады свайго княжання ўмеў заспакойваць i ўсходнеславянскую большасць — дзе сiлай, а дзе павагай iх старыны, прызнаннем адасобленасцi зямель–вобласцяў. Аднак пасля Вiтаўта цэнтралiзацыя сутыкнулася з цэнтрабежнымi сiламi і антаганiзм перарос у грамадзянскую вайну. Каб нейтралiзаваць знешні ўплыў мiтрапольнага цэнтра, якi знаходзiўся ў Маскве, Вiтаўт iмкнуўся стварыць уласную праваслаўную iерархiю, планаваў аб’яднаць грэцкую царкву з рымскай. Iдэю царкоўнай унii i яе магчымы плён у справе барацьбы з татарамi Вiтаўт i Ягайла абмяркоўвалi з мiтрапалiтам Кiпрыянам яшчэ напрыканцы ХIV ст. Пасля смерцi Кiпрыяна Цамблака ў 1407 г. вялiкi князь разам з праваслаўным духавенствам сваёй дзяржавы прасiў канстанцiнопальскага патрыярха зацвердзiць iм асобнага мiтрапалiта, якiм прапаноўвалася зрабiць полацкага ўладыку Феадосiя. Аднак Канстанцiнопаль праз два гады высвяцiў адзiнага для «ўсяе Русi» мiтрапалiта, якiм стаў маскоўскi стаўленiк Фоцiй. Вiтаўт згадзiўся на яго пры той умове, што Фоцiй стане паслядоўнiкам Цамблака i будзе рэзiдаваць у Кiеве. Але той не знайшоў паразумення з Вiтаўтам i ўвесь час сядзеў у Маскве, а золата i грашовыя зборы з падуладных яму епархiй Беларусi i Ўкраiны вывозiў у Вiзантыю. Тады Вiтаўт забаранiў Фоцiю вiзiтаваць гэтыя епархii, а 15 лiстапада 1416 г. сабраў у Наваградку з’езд духавенства (сярод васьмi епiскапаў прысутнiчалi ўладыка полацкi Феадосiй, смаленскi Севасцян i тураўскi Яўфiмiй) ды свецкай элiты. На наваградскiм саборы было дэкляравана, што праваслаўная царква ВКЛ адлучаецца ад Масквы, і праведзена абранне новага кiеўскага мiтрапалiта, якім стаў вядомы балгарскi вучоны манах Рыгор Цамблак, пляменнiк былога мiтрапалiта Кiпрыяна. Гэта ён у 1418 г. на саборы ў Канстанце выступiў з прамовай, у якой заклiкаў аб’яднаць заходнюю i ўсходнюю цэрквы, i прасiў папу прыслаць на Русь сваiх прадстаўнiкоў для ўвядзення унii. Аднак рашэнне аб унii не магло быць прынята, бо на саборы адсутнiчалi вiзантыйскi цэзар i патрыярх. Пасля ад’езду непрызнанага патрыярхатам Цамблака ў 1419 г. у Малдову праваслаўнае насельнiцтва Беларусi i Ўкраiны зноў трапiла пад юрысдыкцыю маскоўскага мiтрапалiта Фоцiя (да 1431 г.), з якiм хутка замiрыўся i Вiтаўт. У 1420-х г. вялiкi князь Вiтаўт дамогся найбольшых знешнепалiтычных поспехаў. У арбіце яго ўплываў знаходзіліся Крымская i Заволжская арда, Маскоўскае княства (маскоўскi князь у 1426 г. нават даручыў яму апекавацца сваiм непаўналетнiм сынам Васiлём, якi даводзiўся ўнукам Вiтаўту), Пскоў i Ноўгарад. Цвярскiя i разанскiя Рурыкавiчы ўступiлi ў саюз з манархам магутнай балта–славянскай дзяржавы, заключыўшы з iм, як i князi вярхоўскiя, дамову аб службовых адносiнах i паабяцаўшы быць «з iм заадно». Мяжа памiж залежнымi ад Вiльнi княствамi i землямi, падкантрольнымi Маскве, пралягала тады па рацэ Угры. Дасягнуўшы такой магутнасцi, Вiтаўт паспрабаваў вырашыць пытанне аб сваёй гегемонii ў Усходняй Еўропе. Для гэтага трэба было разарваць акты 1386 i 1413 г., якiя звязвалi Вялiкае Княства з Польшчай, i стварыць незалежнае каралеўства з Лiтвы i Русi. Імператар Святой Рымскай iмперыi яшчэ перад Грунвальдскай бітвай абяцаў яму карону. У 1429 г. Вiтаўт iнiцыяваў мiжнародны кангрэс у Луцку, на якi апрача яго i Ягайлы прыехаў iмператар Жыгiмонт Люксембургскі (1410—1437), а таксама мноства еўрапейскай знацi. Афiцыйна на парадак дня выносiліся пытанне вайны з Турцыяй i праблема гусiтаў, але для Вiтаўта найважнейшай была справа яго каранацыi, да якой прыхiльна паставiўся iмператар. Наданне вялікаму князю тытула караля ўключыла б Вітаўта на роўных правах у сям’ю хрысціянскіх манархаў Еўропы, а яго дзяржава стала б незалежным каралеўствам. Але на кангрэсе кракаўскi бiскуп Збiгнеў Аляснiцкi востра выступiў супраць Вiтаўтавай iдэi, адкрыта сцвярджаючы, што той задумаў аддзялiць Лiтву ад Польшчы, i польская дэлегацыя сарвала нараду, з’ехаўшы з Луцка. І ўсё ж Вiтаўт не пакiнуў сваiх планаў. На жнiвень 1430 г. быў склiканы мiжнародны з’езд у Вiльнi, на якiм i мела адбыцца каранацыя старога князя. Сабралася многа ўладароў, у тым лiку маскоўскi вялiкi князь Васiль Васiлевiч (1425—1462), прыехалi абодва магiстры Нямецкага ордэна (прускi i iнфлянцкi). Але iмператарскiя паслы, што везлi карону, былi затрыманы ў Польшчы. Каранацыю адклалi на 8 верасня, але i на той дзень паслы не з’явiлiся. 27 кастрычнiка ў Троках Вiтаўт памёр, так i не паспеўшы каранавацца. Не стала манарха, якi з аморфнай балта–славянскай канфедэрацыi ўтварыў магутную цэнтралiзаваную дзяржаву. Пры iм княства зрабiлася вялiкiм не толькi па назве (Вiтаўт першым пачаў афiцыйна тытулавацца вялiкiм князем), але i паводле ахопленай тэрыторыi ды палiтычнай ролi ў мiжнародным жыццi Ўсходняй Еўропы. Літаратура1.    Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVII ст. Пад рэд. І. П. Крэнь і інш. Мн., 2000.2.    Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. М., 1963.3.    Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі. // Спадчына. 1994. № 1.4.    Грыцкевіч А. П. Вялікае княства Літоўскае. // Энцыклапедыя Гісторыя Беларусі. Т. 2. Мн. 1994.5.    Дзмітрачкоў П. Ф. Беларусь ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Ч. 2. Магілеў, 1997.6.    Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.7.    Ермаловіч М. І. Вітаўт // Энцыклапедыя “Гісторыі Беларусі” Т. 2. Мн., 1994.8.    Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і навагародскі перыяды. Мн., 1990.9.    Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мн., 1993.10.    Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.11.    Насевіч В. Пачаткі Вялікага кнчства Літоўскага. Падзеі і асобы. Мн., 1993.

Схожие работы

Нет совпадений